У той дэмакратычны аўтобус скочылі не адразу
Спадарыня Вераніка адна з нямногіх актывістак 2020 года, якая практычна ва ўсіх дэталях узгадвае падзеі, якія тады адбываліся ў яе раённым гарадку.
У яе педагагічная адукацыя, але ў школе папрацавала толькі некалькі год, бо, як сама тлумачыць, сістэма не дазваляла вучыць дзяцей нават так, як гэтаму навучалі ва ўніверсітэце. Маўляў, ніякага наватарства, а каб усё, як ва ўсіх.
-Хаця і вучні мяне любілі і бацькі паважалі, нават казалі, што дзеці не хочуць ад вас ісці на канікулы.
Стварыўшы сям’ю, з такім жа свабодалюбівым мужам, заклалі свой сямейны бізнес і пачалі працаваць незалежна. І як згадвае суразмоўніца, матэрыяльна жылі не горш за іншых.
-2010 год мы яшчэ праспалі. Былі ў такім стане ці то абыякавасці, ці чаркі-шкваркі. Бачылі, што людзі з нашага гораду аўтобусам у Мінск ехалі, але ў мяне яшчэ тады не было парыву скочыць у той аўтобус.
У 2017 годзе “дармаедскія” пратэсты вельмі ўзбудзілі і іх раённы горад.
Нават свае блізкія не хацелі разумець
Яшчэ праз год спадарыня адчула, што ў родным горадзе становіцца цяжка дыхаць, прапаноўвала мужу пераехаць хоць на захад Беларусі. Нават свае блізкія не хацелі іх разумець.
-Мама казала – усё нармальна, пенсію своечасова даюць. Мы так усё жыццё пражылі цяжка і ты так жыві. Вось працуй на сваёй працы, а не хапае – ідзі ў гарод, садзі бульбу. І ўсё будзе нармальна…
Дзе што ні адбывалася ў нашым горадзе – паўсюль была я
Магчыма таму 2020 год спадарыня Вераніка, як сама згадвае, сустрэла з радасцю і зацікаўленасцю і вельмі актыўна.
-Мне здаецца, што ўсюды дзе што ні адбывалася ў нашым горадзе – паўсюль была я.
Ужо ўвесну, яна распавядала розным незалежным СМІ пра перадвыбарчую кампанію ў іх горадзе, сама здымала на тэлефон і выстаўляла сюжэты ў інтэрнэце, Многае тады пачула ад сваіх гараджан.
-Тады ўжо Бабарыку схапілі з сынам, арыштавалі Ціханоўскага. І людзі, калі ставілі подпісы, казалі эмацыйна, часам нават з мацюкамі: ды мы за Свету пойдзем, усе нашы знаёмыя за яе галасаваць будуць. І ты разумееш, што такі пад’ём у грамадстве, што так нас многа…
Але даводзілася сустракацца і з іншым, калі сяброўкі дзяцінства ставілі подпісы за Лукашэнку, а яна за гэта з іх кпіла.
-Адна працуе ў садку выхавацелькай і прызналася, што кожнага выклікала загадчыца і казала: ідзеш зараз з пашпартам ставіць подпіс за Лукашэнку, а не – вось табе папера і пішы заяву па ўласнаму жаданню. Другая тое самае: ну мы ж супраць яго, ты ведаеш, але мы згубім працу…
Спадарыня Вераніка трохі з сумам заўважае, што за лета 2020 году цалкам змянілася кола людзей з якімі ты раней, сябраваў, размаўляў, дзяліўся патаемным.
Мы адчулі – я не адзін
А потым пачаліся акцыі. Асабліва запомніўся мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўскай. І хаця яе на мітынгу не было, а толькі сябры каманды, людзей сабралася цэлая плошча з бчб сцягамі, нацыянальнай сімволікай. І прадстаўнікі каманды не прамаўлялі, а зрабілі вольны мікрафон для тых, хто прыйшоў.
-Выстраілася такая чарга і за тры гадзіны не ўсе паспелі выказацца.
-А пра што людзі казалі?
- Пра набалелае. У кожнага свая гісторыя. Нехта, што я пенсіянерка…, нехта – я настаўніца…, нехта – я фермер…, нехта – майго сына збіла машына і нідзе не магу дамагчыся праўды… І ўвесь гэты боль быў вынесены ў мікрафон. А потым людзям, кажуць, што скончыўся час, а яны ўсё ідуць і ідуць з гэтым болем…
Пасля гэтага мітынгу нехта зрабіў здымак, як раённае начальства з кустоў назірае, але да людзей так ніхто і не выйшаў. Цікаўлюся ў спадарыні – што на яе думку дало смеласць тады яе землякам, каб выходзіць і адкрыта гаварыць пра свае праблемы ў мікрафон?
-Накіпела, набалела. А смеласць гэтую нам дало тое, што мы адчулі – я не адзін. З’явілася адчуванне, што нас многа і мы можам зрабіць, мы можам перамагчы і мы можам змяніць…
Да сёння не магу зразумець…
Пасля падліку галасоў у іх горадзе таксама пачаліся пратэсты. Спадарыню Вікторыю судзілі па адміністрацыйнай справе, выклікалі на допыты ці не ва ўсе сілавыя структуры, рабілі ператрусы ў хаце. Але тое, што перажылі тыя, хто патрапіў у аўтазак, ні з чым параўнаць нельга.
-Там было збіццё і самыя сапраўдныя катаванні. Людзі ляжалі на падлозе, а па іх хадзілі нагамі і білі па галовах. Пераломы былі адкрытыя і гэта было бачна. Людзі пад сябе пісалі, там было шмат крыві і яны ва ўсім гэтым ляжалі.
Самае страшнае, паводле суразмоўніцы, што многія з тых каго збівалі пазналі ў сваіх катах суседзяў, знаёмых, хоць яны хаваліся за маскамі. Адна настаўніца пазнала бацьку дзяцей якіх вучыла ў школе.
-Яны ўсе тады запэцкаліся чалавечай крывёй, усе гэтыя інстанцыі…
Як такое было магчыма?
-Не магу зразумець. Не магу па сённяшні дзень гэта патлумачыць. Ні ўкладваецца ў галаве. І сёння, калі я гэта ўспамінаю, такі боль… У кожнага з нас тады быў выбар і ў іх таксама – рабіць гэта ці не рабіць. Яны выбралі – рабіць…
Вырашылі з’ехаць…
А потым пачаліся арышты, рэпрэсіі ўзмацняліся, прыходзілі за суседзямі, знаёмымі і судзіць пачалі ўжо па крымінальных артыкулах. Спадарыня Вераніка кажа, што на душы стала трывожна і нават страшна. Праўда, заўважае, што рознага кшталту актыўнасці ў горадзе не перапыняліся.
-Ідзеш па гораду і бачыш там налепка, на аўтобусным прыпынку нешта напісана. І я па магчымасці нешта ляпіла. Ты не ведаеш хто гэта зрабіў, але думаеш – добра, значыцца я не адна.
Тым не менш выехаць вырашылі ўсёй сям’ёй. Дачцэ давялося пакінуць універсітэт.
-І сёння ў мяне перад вачыма мая згорбленая мама, якая плача, якая ў адной руцэ ката трымае, а другой сабаку. Гэта на ўсё жыццё застанецца перад вачыма.
Распавядаем пра сваё жыццё, а родныя не вераць
У Польшчы дапамаглі ўладкавацца беларусы, якія ўцяклі раней. Цікава, што напачатку з-за каранавіруса давялося сядзець на каранціне, але скончыліся харчы і спадарыня папросту напісала ў чат беларусаў: дапамажыце…
-Мо чалавек пяць адразу адгукнуліся, маўляў, пішыце адрас, прыйду. І мы такім чынам прымалі ў сябе беларусаў і знаёміліся.
Потым паціху знайшлі працу, уладкавалі жыццё. Муж працуе па сваёй спецыяльнасці, а ёй напачатку давялося пабыць рознарабочай. Праўда, цяпер на курсах польскай мовы і ёсць свае планы на будучы занятак.
Спадарыня Вераніка працягвае здымаць кароткія стужкі і выкладвае ў інтэрнэт, распавядае жыхарам Беларусі пра жыццё ў Польшчы, асабліва тлумачыць сваім блізкім, якія галасавалі за Лукашэнку і цяпер гавораць ёй дакладна тое, што паказвае беларускае тэлебачанне.
-Яны нам кажуць: мігрантаў там забіваюць, вас там не будуць лячыць, а там людзі паміраюць, будзеце там галадаць, а яшчэ там холадна – памерзнеце. І мы, як малым дзецям тлумачым, што дома цёпла, паказваем, што ў кашульках, вось ногі босыя і фортачка адчыненая. Магу сфатаграфаваць лядоўню, што ў нас ёсць, а магу ў краме здымкі зрабіць… Але мы не можам прабіць сцяну, гэта сцяна не прабіваемая.
Спадарыня Вераніка кажа, што па доме ўсё ж сумуюць, навіны чытае кожны дзень. І вернецца, калі толькі з’явіцца такая магчымасць.
-Ад Беларусі не адмовіліся, Беларуссю жывём…
Але дадае, што Польшча яе вельмі ўражвае. Яны любяць з мужам вандраваць і амаль кожныя выходныя недзе едуць, каб пабачыць, як яна сама кажа, цудоўныя невялічкія гарады, замкі і палацы, горы альбо нават на мора. І ўсё гэта толькі дадае энергіі, каб жыць і радавацца, паводле маёй суразмоўніцы.
Павел ЗАЛЕСКІ